Як правільна выходзіць са зьняволеньня?
Нягледзячы на тое, што 10-15 сутак - тэрмін невялікі, ён накладае некаторы адбітак на стан справаў, здароўе і настрой. Асабліва гэта датычыць тых, хто першы раз наведаў такія ўстановы як Акрэсьцінскі "прыёмнік-разьмеркавальнік".
У залежнасьці ад таго, дзе канкрэтна вас зачынілі і ў які сэзон, варункі ўтрыманьня могуць адрозьнівацца даволі істотна, але ёсьць шэраг нязьменных умоваў:
падвышаная вільготнасьць;
слабое і ненатуральнае асьвятленьне;
абмежаваная магчымасьць рухацца;
выключна малая "асабістая прастора";
інфармацыйная ізаляцыя ад сьвету.
У выніку, найбольш тыповымі наступствамі суткавай адседкі бываюць:
аслабленьне імунітэту - нават калі вы ў камэры адчувалі сябе добра, па выхадзе лёгка можаце захварэць;
аслабленьне мускулаў, і невялікія парушэньні ў каардынацыі рухаў;
адставаньне ад рэчаіснасьці;
нэрвовыя выбухі (эўфарыя, раздражнёнасьць);
бяссоньне;
млявасьць.
Фізычнае здароўе
Па-першае, проста вазьміце на ўлік: вы - аслаблены арганізм. Вам нельга таго, што можна было, калі вы былі ў нармальным стане. Не мачыце ногі, не сядзіце на скразьняку, апранайцеся адпаведна надвор'ю, уважліва стаўцеся да свайго харчаваньня.
Каб вярнуць сабе сілы займецеся фізкультурай: штодзённая прабежка вельмі рэкамэндуецца, бо здольнасьць да бегу істотна траціцца падчас валяньня на нарах ці памосьце.
Насалоджвайцеся сонечным сьвятлом! Вылучыце 15-20 хвілінак, каб троху пашвэндацца пад сінім небам. Гэта добра ўплывае на самадчуваньне.
Вітаміны - абавязкова. Лепш, калі гэта будзе вітамінамінэральны комплекс, але яны даволі дарагія. Калі ваш бюджэт надта абмежаваны можна часткова дапамагчы больш таннымі вітаміннымі таблеткамі тутэйшай вытворчасьці: у прыватнасьці аскарбінка (вітамін C) у розных формах для ўмацаваньня імунітэту, вітаміны групы B (напрыклад, недарагія "Нэўрабэкс", "Пэнтавіт"), каб падтрымаць нэрвовую сыстэму. Лепш, канечне, пракансультавацца зь лекарам. І, калі ласка, не парушайце дозаў прапісаных мэдыкам, альбо ўказаных на ўкладках-інструкцыях.
З мэдычнымі парадамі можаце таксама азнаёміцца ў "Нашай Ніве"
Псыхалягічны стан
Настрой у якім вы выйдзеце, моцна залежыць - сярод іншага - ад кампаніі, у якой вы бавілі час за кратамі, ад харчаваньня, і ад тэмпэратуры ў камэры. Зазвычай, зьмерзлыя вязьні і тыя, каго атачала невясёлая кампанія, вызваляюцца ў больш вялым стане. Сапраўды, шмат што залежыць ад сустрэчы. Калі яна была цёплая і вясёлая, дык вы можаце ўпасьці ў эўфарычны, захоплены стан. Калі не - больш верагодная нейкая сумесь з радасьці, крыўды на сяброў і дэзарыентаванасьці ў часе й прасторы.
Аднак, празь некаторы час звычайна падкрадаецца дэпрэсьняк і расчаравана-раздражнёны настрой. Гэта, у прынцыпе, нармальная рэакцыя, бо накатываюць усе тыя праблемы, што былі адсунутыя ў бок падчас вашай ізаляцыі, а таксама адгукаюца перапады эмоцыяў, якія давялося перажыць падчас затрыманьня і судоў.
Канечне, з гэтага стану трэба выцерабіцца. Дапамагчы могуць наступныя парады:
Камунікуйце зь сябрамі. У тым ліку і з новымі. Перачакаўшы 3-4 дні, стэлефануйцеся з тымі, з кім пасябравалі ў турме - сустрэньцеся і пагаварыце.
Каб сынхранізавацца з астатнім сьветам, перачытайце прэсу, якую прапусьцілі за час адседкі, даведайцеся, што адбывалася ў сям'і і ў знаёмых.
Не сядзіце ў цемры - у непасрэдным сэнсе. Чалавек - жывёла дзённая і прыцемкі спрыяюць падаўленасьці і няўпэўненасьці. Ацаніце сонечнае сьвятло, а калі яго няма - не пашкадуйце грошай на лішнюю ці больш яркую лямпачку. Можа нават лямпу дзённага сьвятла. Толькі ўлічвайце, што ня ўсе энэргазахавальныя лямпы даюць сьвятло дзённага спэктру, хаця ў краме вас могуць пераконваць у адваротным - на ўпакоўцы мусіць быць спэцыяльна пазначана "дзённае сьвятло"/daylight. А яшчэ яны дарагія.
Слухайце музыку.
Бярыцеся за справы. За працу ці за вучобу, а разам з тым заходзьце на za-svabodu.org і станавіцеся актывістам. Раздрукаваць і расклеіць пару дзясяткаў улётак - лепшы лек ад дэпрэсіі ды млявасьці.
Калі гаворка йдзе пра маладых, фінансава яшчэ залежных ад бацькоў, дык магчымы фактар псыхалягічнага ціску з боку сям'і. Працяглае "кампаставаньне" мозгу можа выводзіць з раўнавагі. Рэкамэндуем учыніць так: пісьмова выкажыце, што вы думаеце пра жыцьцё, і чаму вы пайшлі супраць дыктатуры. Потым дайце пачытаць родным і патлумачце, што ў вас няма жаданьня скандаліць, таму ў вусных дыскусіях вы ўдзельнічаць ня будзеце. На дадатковыя пытаньні адказвайце: "Чытай абзац нумар Х", альбо напішыце яшчэ адну цыдулку, калі пытаньне таго вартае. Гэткі падыход дастаткова незвычайны, каб зьбіць з каляіны паравоз чыіхсьці эмоцыяў. У той жа час вы паказваеце, што вашая пазыцыя абгрунтаваная, і вы хочаце міру ў сям'і.
Прусакі ў галаве
Пасьлядоўнасьць "пратэст - затрыманьне - гвалт - пазбаўленьне волі - вызваленьне" перапоўненая моцнымі эмацыйнымі перагрузкамі. Гэта можа пахіснуць разумовую раўнавагу, асабліва, калі вы ўпершыню перажываеце такое. Каб супакоіць вас, адразу ж заўважым, што гаворка не вядзецца пра сур'ёзныя псыхічныя адхіленьні... А так, "пункцікі" ці "прусакі ў галаве", якія ў прынцыпе, у кожнага ёсьць. Але заводзіць лішніх, пэўна ж, ня трэба.
Найбольш характэрна для "сьвежавысаджанага" гадаваньне ў сваёй галаве наступных "прусачкоў":
1. Комплекс мёртвага самурая. Гэта падступае, калі перапоўнены паўстанцкімі захапленьнямі ты выходзіш на волю і раптам разумееш, што навокал безьліч людзей, якім напляваць на нашае паўстаньне, ды ўвогуле на ўсё напляваць. Многія нават ня чулі пра плошчу. Улада ні на кропельку не зьмянілася. У пад'езьдзе сьмярдзіць як і раней. На ўсе навіны вы рэагуеце гатычным голасам: "Прас..лі краіну!" Узьнікае цяжкапераадольнае жаданьне, грымнуўшы дзьвярыма, сыйсьці ў (запой, іншую краіну, у сябе)
Калі вас гэта напаткала, ведайце: насамрэч, у краіне ня так ужо й кепска - краіна відала і горшыя часы, чым тыя, якія цяпер. Туга - гэта стан знутры. Паслухайце сумную музыку. Пачытайце кніжку. Шмат каго, між іншага, тужлівы стан натхняе на творчасьць. Папішыце вершы, калі ўмееце. Незабывайцеся на тое, што фізычны стан моцна ўплывае на настрой (гл. вышэй).
Урэшце, устаньце і займіцеся вырабам улётак. Гарантавана дапаможа.
2. Комплекс здадзенай тары. Падобны да к. "Мёртвага самурая", бо таксама чапляе тых, хто моцна перажывае адсутнасьць хуткага выніку сваіх дзеяў, аднак гэтая варыяцыя больш характэрная для людзей замкнёных у сабе, ці тых, хто па выхадзе на волю, аказаўся па-за колам аднадумцаў. Расчараваньне і безнадзейны настрой хутка перарастаюць у кансьпіралягічныя пошукі вінаватых. У ліку якіх могуць апынуцца самыя розныя пэрсанажы: ад сусьветнае масонскае змовы да аматараў Чайкоўскага. Найчасьцей, аднак, у памянёны сьпіс трапляюць вядомыя актывісты і лідэры палітычнай апазыцыі, паасобку альбо ўсе разам, напэўна, таму, што дзяржаўная прапаганда пасьпяхова насычае інфармацыйную прастору правакацыямі супраць "раскручаных" імёнаў, запускаючы чуткі пра "прадажаных босаў зь мільёнамі на рахунках".
Але ж ня толькі "раскручаных". Хіба кожнага з нас халопы рэжыму не абвінавачвалі ў атрыманьні грошай за ўдзел у акцыях пратэсту? Вы ж ведаеце, што гэта ня праўда. Дык пастарайцеся, каб у хвіліну душэўнага разладу, у ваш мозаг ня ўклалі порцыю дзярма, адзінае прызначэньне якога - адхіліць вас ад барацьбы за сваю свабоду. Калі ж вам абгрунтавана непадабаецца хтосьці з грамадзкіх ці палітычных дзеячоў - гэта нармальна, ігнаруйце ці не любіце яго. Галоўнае - будзьце верныя свайму шляху, бо адказнасьць за нашую краіну і свабоду нясе кожны. Асабіста. Незалежна ад усялякіх лідэраў і аўтарытэтаў. Каб расклейваць-раскідываць улёткі аўтарытэты не патрэбныя.
3. Комплекс бронзавага помніка. Найбольш характэрны для новых людзей у супраціўленьні. Гэта калі хочацца бясконца распавядаць пра свае нялёгкія прыгоды ў раскрытыя раты слухачоў, папракаць тых, хто "гуляў на волі", а потым парваць на грудзёх цяльняшку і запытацца хрыплым голасам: "А дзе быў ты, калі мяне вязалі мянты?"
Адчуваньне, што вы зрабілі варты ўчынак - абсалютна правільнае і абгрунтаванае. Аднак, да сваіх заслугаў трэба ставіцца сьціплей і, галоўнае, іранічней. У час, калі пішуцца гэтыя словы, у "амэрыканцы" (нефармальная назва турмы КДБ) сядзяць грамадзянскія актывісты Аляксандар Шалайка, Мікола Астрэйка, Цімох Дранчук ды Эніра Браніцкая, арыштаваныя за тое, што хацелі наладзіць паралельны падлік галасоў і высьветліць рэальныя лічбы галасаваньня, і яны нават ня ведаюць, калі змогуць выйсьці на волю; у СІЗА ўжо ня першы месяц зьняволены сябра БНФ Зьміцер Касьпяровіч, за тое што спрабаваў вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг на менгарвыканкаме; у Шчучыне чалавека абвінавацілі ў "тэрарызьме" і могуць увязьніць на многа гадоў. Параўнайце гэта са сваімі 15-12-10-7-5 суткамі. Варта яшчэ дадаць, што яшчэ жывыя патрыёты, якія за беларускае незалежніцтва пры Саветах глынулі такіх катаваньняў, пра якія мы толькі ў кніжках чытаем.
Такім чынам, пакладзіце свой - без прыколаў - каштоўны досьвед затрыманьня і адседкі ў памяць. А цяпер, падумайце пра сытуацыі, у якіх вы адчулі страх, слабасьць, павялі сябе неадэкватна - і пасьмейцеся зь сябе. А потым бярыцеся за выраб улётак.
Алькаголь
Па выхадзе, у многіх узьнікае жаданьне зладзіць party. Потым сябры і знаёмыя, адзін за адным пачынаюць падыходзіць з прапановай, маўляў, пап'ем піва, а ты распавядзеш як там было. Гэтак можна змарнаваць безьліч часу і здароўя, якое й без таго пашкоджанае адседкай. Рэкамэндуем адкласьці ўсе дыскатэкі скажам на 2 тыдні, калі вы ўжо ўвойдзеце ў тэмп жыцьця і дагоніце закінутыя справы, а тады ўжо можна сабраць усіх зацікаўленых і адзін раз расслабіцца. Да гэтага - піце гарбату й сокі.
Калі вы непаўнагадовы(ая), ці маеце мэдычныя супрацьпаказаньні - алькаголь вам нельга. Сур'ёзна.
Справы
Пакуль вы прахалоджваліся ў камэры, справы, напэўна, ляжалі. Гэта значыць, што да працы трэба прыступаць як найхутчэй. Маларухомае быцьцё падчас адседкі троху разлайдачвае. Ня трэба паддавацца жаданьню "яшчэ крыху адпачыць", гэта можа зацягнуць. Апроч таго, гультайства дрэнна ўплывае на маральны стан.
Не забудзьцеся таксама на грамадзянскі абавязак - працаваць (менавіта працаваць, ня толькі змагацца) дзеля Свабоды.
Напісаць камэнтар:
|