Уступнае слова

Бясьпека як працэс.
Давер і надзейнасьць

  1. АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ
    І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
  2. ВЫКЛІКІ І СЬЛЕДЗТВА
  3. БЯСЬПЕКА ПАМЯШКАНЬНЯ
  4. АБМЕЖАВАНЬНЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАНЬНЕ
  5. ПРАВАКАЦЫІ

МАЛЫ КАНСЬПІРАТАР


3. БЯСЬПЕКА ПАМЯШКАНЬНЯ

Як карыстацца памяшканьнем

Дзейнасьць арганізацыі вымагае наяўнасьці сталага памяшканьня - офісу, штаб-кватэры, сядзібы. Натуральна, калі арганізацыя зьяўляецца зарэгістраванай і легальна працуе па месцы знаходжаньня юрыдычнага адрасу - яе дзейнасьць заўжды можа быць правераная разнастайнымі службамі кантролю - міліцыяй, падатковай інспэкцыяй, пракуратурай, органамі юстыцыі. Аднак пераважная большасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў месьціцца нелегальна на падпольных кватэрах.

Зручным зьяўляецца варыянт, калі арганізацыя месьціцца ў кватэры альбо доме, які належыць аднаму з актывістаў. У гэтым выпадку на гэтае памяшканьне пашыраюцца ўсе правілы недатыкальнасьці прыватных уладаньняў. У гэтае памяшканьне бяз згоды ўласьніка можна ўвайсьці толькі з пастановай сьледчага аб правядзеньні вобшуку з санкцыяй пракурора. Рэальна такі дакумэнт амаль заўжды адсутнічае ў нязваных гасьцей, таму іх можна не дапускаць на штаб-кватэру на законных падставах.

Часам дзейнасьць арганізацыі вымагае зьняцьця спэцыяльнай кватэры альбо дому. У гэтым выпадку можна заключыць дагавор арэнды альбо дагавор бязвыплатнага карыстаньня памяшканьнем, дагавор бязвыплатнага пражываньня на адну з асобаў, што зьвязаныя з арганізацыяй. Гэта дазваляе легальна карыстацца дадзеным памяшканьнем, аднак адначасова пазбаўляе магчымасьці адмовіцца ад сваёй датычнасьці да гэтага памяшканьня. Таму калі вы здымаеце кватэру для захоўваньня вялікай партыі падпольнай літаратуры альбо іншых небясьпечных рэчаў, то дамаўляцца пра арэнду памяшканьня лепей за ўсё нефармальна (гэта значыць без заключэнь ня пісьмовага дагавору і безь яго рэгістрацыі).

Важна, каб памяшканьне было надзейна абароненае ад рабаўнікоў . У Беларусі напады зладзеяў на офісы нелегальных арганізацыяў зьяўляюцца вельмі пашыранай практыкай. Рабаўнікі ведаюць, што гаспадары гэтых кватэраў абмежаваныя ў магчымасьці зьвяртацца па дапамогу ў міліцыю, і карыстаюцца гэтым. Да таго ж, па некаторых прыкметах, часам наводку рабаўнікам на гэтыя кватэры робяць самі «праваахоўнікі», дасягаючы гэткім чынам сваіх мэтаў (паралізаваць дзейнасьць арганізацыі, даведацца каштоўную інфармацыю, паставіць апаратуру для праслухоўваньня). Таму трэба выкарыстоўваць наступныя сродкі бясьпекі:

- Надзейна абаронены ўваход: двайныя дзьверы з добрымі замкамі, сыстэма відэаназіраньня за ўваходам, дамафон.

- прадуманая дзьвярная палітыка . Ня варта адчыняць дзьверы, не даведаўшы ся, хто за імі стаіць. Інструкцыя па працы на офісе павінна вызначаць, каго і якім чынам можна дапускаць у памяшканьне. Калі ў офіс заўжды заходзяць незнаёмыя людзі - вы, безумоўна, рызыкуеце. Лепей за ўсё папярэдне дамаўляцца пра сустрэчы ды інфармаваць пра іх сяброў арганізацыі. Трэба выкарыстоўваць магчымасьці дамафона.

Добрым сродкам абароны ад непрыемнасьцяў можа быць офісны мабільны тэлефон. У выпадку міліцэйскага нападу ён дазваляе ня толькі зьвязацца з айчыннымі і замежнымі журналістамі (эфэктным будзе прамы эфір на радыё), але і выклікаць кіраўніцтва арганізацыі, адвакатаў і праваабаронцаў. Вядома, можна скарыстацца і стацыянарным тэлефонам, але часта пры міліцэйскіх нападах стацыянарны тэлефон адключаюць. Падчас вобшуку сьледчы мае права забараніць прысутным пакідаць памяшканьне і рабіць тэлефанаваньні.

Таксама, калі дазваляюць магчымасьці, варта рэгулярна правяраць памяшканьне на наяўнасьць «жучкоў» - прыладаў для праслухоўваньня (гл. разьдзел пра бясьпеку камунікацыяў).

Калі ёсьць магчымасьць, варта мець на кватэры невялічкі тайнік, альбо дамоўленае месца захоўваньня. Гэта не дапаможа пры вобшуку, аднак дазволіць хаваць рэчы ад непажаданых вачэй. Прынцып - лепей схаваць кепска, чым увогуле не хаваць.

У любым выпадку, наколькі надзейна ні была б у вас адладжаная сыстэма офіснай бясьпекі, ня варта захоўваць у офісе сур'ёзныя і сакрэтныя дакумэнты ў раздрукаваным альбо незашыфраваным выглядзе. Лепей хаваць паперы ў розных месцах у надзейных асобаў (але ня ў лідэраў і вядомых актывістаў супраціву). Дакумэнты, якія больш непатрэбныя, трэба неадкладна зьнішчаць. Не забывайцеся таксама зьнішчаць і чарнавікі дакумэнтаў. Ня варта захоўваць у штаб-кватэры вялікія наклады друкаваных матэрыялаў.

Як аформіць аргтэхніку

На ўсю аргтэхніку, што знаходзіцца ў офісе арганізацыі (кампутары, капіявальныя прыстасаваньні, сканэры і інш.), павінны быць складзеныя дагаворы бязвыплатнага карыстаньня альбо дагаворы захоўваньня. Такім чынам пацьвярджаецца легальнасьць паходжаньня гэтай тэхнікі, выключаецца магчымасьць абвінавачаньня вас у тым, што вы скралі гэтую аргтэхніку.

Дагавор заключаецца паміж супрацоўнікам арганізацыі альбо ўладаром памяшканьня, дзе працуе арганізацыя, - з аднаго боку - і асобай, якая набыла гэтую тэхніку, - з другога боку. Гэты другі бок павінен быць грамадзянінам Беларусі, каб пазьбегнуць абвінавачаньня ў парушэньні парадку выкарыстаньня замежнай бязвыплат най дапамогі. Пажадана, каб гэтая другая асоба мела легальныя крыніцы існаваньня (паходжаньне грошай, за якія была набытая аргтэхніка) і не была вельмі шчыльна зьвязаная з штодзённай дзейнасьцю арганізацыі.

Дагаворы павінны быць заключаныя ў некалькіх асобніках:

У выпадку канфіскацыі альбо адабраньня вашай аргтэхнікі гэтыя дакумэнты могуць дапамагчы вярнуць тэхніку альбо даказаць, што вы яе ня скралі. Пра паходжаньне адабранай аргтэхнікі варта зрабіць заўвагу ў пратаколе вобшуку альбо адабраньня.

Што рабіць, калі да вас хочуць зайсьці міліцыянты?

Ніхто ня мае права без законнай падставы ўвайсьці ў жыльлё альбо ў іншае законнае ўладаньне грамадзяніна супраць ягонай волі. Недатыкальнасьць жыльля і іншых законных уладаньняў гарантуецца артыкулам 29 Канстытуцыі Беларусі. пад іншымі законнымі ўладаньнямі трэба разумець нежылыя памяшканьні (лецішча, гараж, сарай) і месцы, дзе чалавек стала альбо часова знаходзіцца (нумар у гатэлі, купэ ў цягніку).

Такім чынам, прыйшлі, пазванілі альбо пагрукалі ў дзьверы, - вы адчынілі. пытаюцца: «Ці можна зайсьці?» - «Заходзьце» («Так», «Калі ласка» і г. д.). Усё - вашая воля выяўленая недвухсэнсоўна - вы дазволілі . Пасьля гэтага аспрэчыць «незаконнасьць» іх дзеяньняў ніколі не атрымаецца. Адсюль формула: дзьверы адразу не адчыняць, госьці спытаюць: «Ці можна зайсьці?» - «Не». І на гэтым пажадана паставіць кропку. Калі пачнёце высьвятляць: «А для чаго», «А навошта?» - забалбочуць і прарвуцца ў памяшканьне. І не спасылайцеся пасьля, што ўвайшлі супраць вашай волі - бо ж вы ня выказалі яе абсалютна вызначана: «Не, нельга», «Не дазваляю». Таму ня варта адчыняць дзьверы міліцыянтам, калі вы ўсё роўна ня хочаце пускаць іх у памяшканьне.

Што ж рабіць?

Не дазваляючы няпрошаным гасьцям пераступіць ганак (а лепей - не адчыняючы дзьвярэй), патрабаваць растлумачыць падставы - што ім ад вас трэба і якія ў іх ёсьць дакумэнты. Не адчыняць дзьверы кватэры прадстаўнікам «праваахоўных» органаў, не пераканаўшыся, што тыя маюць на руках пастанову аб правядзеньні вобшуку (дагляду, адабраньня) у дадзеным памяшканьні. Гэткая пастанова абавязкова павінна мець санкцыю пракурора - подпіс пракурора ў верхнім куце пастановы з круглай гербавай пячаткай пракуратуры. Усе іншыя падставы зьяўляюцца незаконнымі, і ім можна не падпарадкоўвацца. Таму ня варта весьціся на словы-пасткі «Адкройце дзьверы...

На самай справе, паводле заканадаўства, міліцыя мае права пранікаць у памяшканьне і без санкцыі пракурора для прадухіленьня злачынства, якое ў гэтым памяшканьні адбываецца. Паводле заканадаўства пра КДБ, кадэбэшнікі таксама маюць права пранікаць у памяшканьне, нават з пашкоджаньнем запорных прыстасаваньняў, у адсутнасьць гаспадара альбо бяз згоды гаспадара. Але гэтыя нормы не абавязваюць вас самім адчыняць дзьверы. Практыка паказвае, што у 90% выпадкаў міліцыянты ня будуць ламаць дзьверы.

Калі вы здымаеце кватэру і ёсьць відавочная небясьпека вобшуку, трэба абавязкова ўлічваць яшчэ і тую акалічнасьць, што міліцыянты могуць выкарыстаць дапамогу гаспадара для пранікненьня ў кватэру. Лепей за ўсё гэта загадзя абгаварыць з гаспадаром - вядома, ён можа спужацца вашых перасьцярогаў, аднак у далейшым гэта можа вам дапамагчы. Зь іншага боку, закон прадугледжвае, што пры вобшуку павінен прысутнічаць гаспадар памяшканьня, - вы можаце патрабаваць неадкладна выклікаць яго і тым самым можаце пацягнуць час.

Калі ёсьць санкцыя пракурора на правядзеньне вобшуку, а ў вас у кватэры знаходзяцца дакумэнты, якім ня варта патрапляць у спэцслужбы, вы павінны зьнішчыць гэтыя дакумэнты перад уваходам міліцыянтаў. Практыка паказвае, што пры правядзеньні вобшуку па палітычных матывах міліцыянты не чакаюць супраціву альбо непадпарадкаваньня - гэта значыць, што, пакуль яны прымуць рашэньне пра пранікненьне ў памяшканьне гвалтам, пакуль будуць раіцца з начальствам, пакуль будуць узламываць дзьверы, вы можаце пасьпець зьнішчыць дакумэнты, а магчыма, і запрасіць праз тэлефон журналістаў. Увогуле, пакуль у Беларусі выпадкі гвалтоўнага пранікненьня з выломліваньнем дзьвярэй зьяўляюцца выключэньнем. У выпадку нападу не выкідайце непажаданыя рэчы ці дакумэнты праз вокны, бо за імі, хутчэй за ўсё, сочаць.

Калі вы не дапускаеце міліцыянтаў у сваю штаб-кватэру, спасылайцеся на артыкул 29 Канстытуцыі Беларусі.

Што рабіць, калі ў вас адбываецца вобшук, дагляд альбо адабраньне?

пры правядзеньні вобшуку трэба ўважліва азнаёміцца з тэкстам пастановы. памятайце, што перад пачаткам працэдуры вобшуку ці адабраньня ўсім удзельнікам сьледчага дзеяньня павінны зачытаць іх правы. Адабраньне адрозьніваецца ад вобшуку тым, што міліцыянтам вядома, што яны шукаюць (адбіраюцца нейкія вызначаныя рэчы альбо дакумэнты).

пры даглядзе трэба высьветліць, зь якой мэтай ажыцьцяўляецца дагляд, у межах якой крымінальнай справы і чаго хочуць знайсьці. Калі шукаюць чалавека - трэба забараніць, напрыклад, рыцца ў паперах альбо заглядаць у скрыні пісьмовага стала.

Калі вобшук пачаўся нечакана - можна паспрабаваць схаваць што-небудзь пры сабе. Асабісты дагляд пры вобшуку, а тым больш пры даглядзе памяшканьня па палітычных справах робяць не заўжды, хоць інструкцыі раяць гэтым пачынаць і гэтым сканчаць дадзенае сьледчае дзеяньне.

пры вобшуку:

  1. Варта зрабіць для занясеньня ў пратакол заяву пра тое, што вы гатовыя добраахвотна выдаць тое, што разьлічваюць знайсьці.
  2. Калі гэтага ў вас няма - таксама трэба зрабіць адпаведную заяву для занясеньня ў пратакол.
  3. Калі ў вас гэтая рэч ёсьць - трэба вырашыць, ці гатовыя вы аддаць запатраба ванае добраахвотна (усё роўна знойдуць, а вам ад гэтага толькі горш). Адзначым, што калі мянты хочуць вам падкінуць, напрыклад, наркотыкі альбо зброю - яны ніколі не папярэдзяць вас пра добраахвотную здачу, хоць гэткі радок і запісваецца ў выніковы пратакол.
  4. Заявіць і патрабаваць занясеньня ў пратакол патрабаваньня аб правядзеньні вобшуку не адначасова ўва ўсіх пакоях кватэры, а пасьлядоўна, каб вы маглі рэальна прысутнічаць пры ўсіх дзеяньнях. Калі ў кватэру ўварвалася дваццаць чалавек, ня варта чакаць, што гэткае хадайніцтва будзе задаволенае, аднак яго адлюстрвааньне ў пратаколе можа дапамагчы ў выпадку ілжывых абвінавачаньняў. Прынамсі, трэба актыўна патрабаваць, каб панятыя знаходзіліся ў кожным з пакояў, дзе адбываецца вобшук (колькасьць панятых павінна адпавядаць колькасьці пакояў).
  5. Трэба пастаянна знаходзіцца ў тым памяшканьні, дзе адбываецца вобшук, трэба пільна сачыць за тымі, хто праводзіць яго.
  6. Калі вы не знаёмыя з панятымі і не давяраеце ім (часта панятымі запрашаюцца запалоханыя студэнты, міліцыянты і падобныя асобы, якія часам нават дапамагаюць у зьдзяйсьненьні падлогу падчас сьледчых дзеяньняў), трэба заявіць з занясеньнем у пратакол хадайніцтва аб запрашэньні ў якасьці панятых вашых суседзяў.
  7. Трэба патрабаваць занясеньня ў пратакол вобшуку індывідуальных прыкметаў (нумары, колер, ступень зносу, адмысловыя прыкметы) кожнай рэчы, што адбіраецца, каб іх пасьля не маглі падмяніць. Таксама варта пазначаць прыкладную цану рэчаў.
  8. Трэба вельмі пільна прачытаць пратакол вобшуку, выкрасьліць усе пустыя радкі (каб у выніку туды не былі ўпісаныя нейкія іншыя рэчы). Заносьце ўсе свае заўвагі ў пратакол (а ня ў копію пратаколу, што застаецца ў вас!). Раім не адмаўляцца ад падпісаньня пратаколу, нават калі вы лічыце, што вобшук быў цалкам незаконным. Пратакол і без вашага подпісу ўсё роўна застаецца сапраўдным, а потым «праваахоўнікі» будуць лёгка ўносіць у яго праўкі. Лепей падпішыце кожную старонку пратаколу з сваімі заўвагамі.
  9. Атрымаць копію пратаколу вобшуку, а калі адбывалася адабраньне - то і асобную копію пратаколу адабраньня.
  10. Зьвяруцца па дапамогу да знаёмага юрыста альбо ў праваабарончую арганізацыю.

Начныя вобшукі (у пэрыяд з 22-00 да 6-00 ) забароненыя.

пры правядзеньні вобшуку па палітычных справах трэба быць гатовым да таго, што знойдуць тое, чаго вы самі ня клалі: наркотыкі, зброю, грошы, фальшывыя грошы (могуць падкінуць загадзя альбо нават падчас вобшуку). Мэханізм рэагаваньня і прэвэнтыўнай абароны ад гэткіх правакацыяў і ілжывых абвінавачаньняў з боку міліцыі адлюстраваны ў гэтым дапаможніку.

Таксама памятайце, што «праваахоўнікі» вельмі любяць паўторныя вобшукі - празь месяц альбо праз тыдзень зайсьці туды, дзе яны ўжо правялі вобшук. Таксама выкарыстоўваецца «куставы» мэтад (адначасовыя вобшукі ў офісах партнэрскіх арганізацыяў альбо ў розных штаб-кватэрах адной арганізацыі) і «ланцуговы» мэтад (напады і вобшукі ў партнэрскіх офісах адзін за адным).

паводле нашага заканадаўства, пракуратура можа санкцыянаваць вобшук у любым памяшканьні (па справе аб крадзяжы лядоўні ў Рэчыцы фармальна можна правесьці вобшук на прыватным лецішчы кіраўніка менскай палітычнай партыі). Таму найлепей заўжды быць гатовым да вобшуку (не трымаць непатрэбных папераў, не захоўваць каштоўную інфармацыю на паперы, карыстацца сродкамі шыфраваньня).

Калі да вас пачалі хадзіць міліцыянты без законных падставаў для вобшуку - гэткія візыты могуць быць карысным папераджальным сыгналам: варта рыхтавацца да паўнавартаснага вобшуку.