Бясьпека як працэс.
Давер і надзейнасьць
«праваахоўныя» органы часам выкарыстоўваюць правакацыі супраць актывістаў апазыцыйнага руху. Вядомыя выпадкі, калі падкінутыя ў кватэру, дачу, аўтамабіль альбо ў кішэні буйныя сумы грошай, фальшывыя грошы ці агнястрэльная, халодная зброя служылі падставай для прыцягненьня асобы да крымінальнай адказнасьці альбо цягнулі за сабой шантаж і іншыя непрыемнасьці. Натуральна, прадухіліць усе магчымыя правакацыі дастаткова цяжка, аднак веданьне некаторых простых правілаў дазволіць пазьбегнуць найбольш імаверных правакацыйных тэхнікаў, што звычайна выкарыстоўваюцца «праваахоўнікамі» зыходзячы з стандартных мадэляў.
Трэба разумець усю небясьпеку падкінутых прадметаў - яна мае ня толькі патэнцыйнае юрыдычнае, але і простае псыхалягічнае значэньне. Гэткія правакацыі служаць некалькім мэтам:
- узбуджэньне супраць асобы крымінальнай справы з магчымым давядзеньнем яе да судовага рашэньня (пры гэтым першапачатковыя фальшывыя грошы могуць зьнікнуць зь сьпісу абвінавачаньняў у сілу іх відавочнай бязглуздасьці);
- затрыманьне асобы альбо ўзяцьце яе пад варту з далейшым выбіваньнем патрэбных сьведчаньняў і працяглай ізаляцыяй асобы;
- атрыманьне фармальных падставаў для далейшых сьледчых дзеяньняў, у ходзе якіх можна даведацца пра палітычную дзейнасьць арганізацыі і разбурыць яе;
- шантаж і вэрбоўка асобы ў інфарматары альбо «сакрэтныя супрацоўнікі» (фармат «свабода ў абмен на інфармацыю» найбольш часта выкарыстоўваецца супраць актывістаў сярэдняга зьвяна).
Такім чынам, падкінуты фальшывыя грошы. Гэтая мэтодыка вельмі добра адпрацаваная «праваахоўнымі» органамі, паколькі часта выкарыстоўваецца ў барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю, хабарніцтвам і карупцыяй. Звычайна гэта робіцца з згоды вышэйшых «праваахоўнікаў». Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе дадзеная мэтодыка працуе выкшталцона - процістаяць ёй вельмі цяжка. Таму для абароны ад гэткіх дзеяньняў патрэбныя два фактары: 1) дапамога пісьменнага адваката падчас затрыманьня і сьледзтва, 2) разумныя дзеяньні падчас вобшуку альбо дагляду, у ходзе якіх знойдзены «фальшывыя» грошы.
пры правядзеньні вобшуку можна запярэчыць незаконным спробам падкінуць грошы, наркотыкі альбо зброю. У гэтым выпадку трэба кіравацца тымі правіламі, якія мы пералічвалі ў парадах адносна правядзеньня вобшуку: неабходная наяўнасьць пастановы аб правядзеньні вобшуку з санкцыяй пракурора; трэба патрабаваць запрашэньня панятых (найлепей запрасіць і сваіх панятых - суседзяў); вобшук павінен праводзіцца ў прысутнасьці ўладальніка памяшканьня; колькасьць панятых павінна адпавядаць колькасьці пакояў, у якіх адбываецца вобшук; патрабаваць пасьлядоўнага правядзеньня вобшуку (пакой за пакоем); зьвяртаць увагу панятых на тое, што адбываецца, скіроўваць іх увагу на дзеяньні кожнага з «праваахоўнікаў», але адначасова трэба самому сачыць за дзеяньнямі панятых; патрабаваць складаньня пратаколу з занясеньнем у яго прозьвішчаў і пасадаў усіх прысутных (у выпадку калі нехта ад гэтага адмаўляецца, рабіць адзнаку пра прысутнасьць падчас вобшуку неўстаноўленых пабочных асобаў); прасачыць, каб у пратаколе былі падрабязна апісаныя ўсе знойдзеныя і / альбо адабраныя прадметы і пазначаныя іх індывідуальныя прыкметы; у тэкст пратаколу трэба ўносіць усе заўвагі і пярэчаньні супраць дзеяньняў «праваахоўнікаў». Асобна адзначым, што пры адабраньні грошай трэба пазначаць сэрыі і нумары купюраў і асобна адзначаць наяўнасьць вадзяных знакаў (настойліва патрабуйце ад міліцыянтаў выкананьня гэтага парадку, але калі гэта не робіцца - варта запісаць гэта самому ў тэксьце пратаколу). Калі вы ня ўпэўненыя, што гэта вашыя грошы, - ні ў якім разе не дакранайцеся да іх і адзначце ў пратаколе, што вы ня маеце да гэтых рэчаў дачыненьня.
пісьменныя дзеяньні падчас вобшуку памяшканьня могуць прадухіліць падкідваньне недазволеных прадметаў непасрэдна падчас вобшуку. На жаль, ніхто не застрахаваны ад падкідваньня ў кватэру альбо ў офіс фальшывых грошай (таксама як наркотыкаў ці зброі) яшчэ задоўга да вобшуку. Нават пры добра наладжанай офіснай бясьпецы, пільнай «дзьвярной палітыцы» немагчыма прасачыць за кожным, хто ўваходзіць у памяшканьне. Пры адсутнасьці сталай начной варты ў памяшканьне могуць падкінуць фальшывыя грошы нават і ўначы. Калі ж, нечакана для вас, «праваахоўнікі» знайшлі загадзя падкінутыя забароненыя рэчы, у першую чаргу трэба давесьці сваю недатычнасьць да іх: патрабаваць экспэртызы на наяўнасьць на рэчах вашых адбіткаў пальцаў (калі гэта запакаваныя грошы - адбіткаў пальцаў на ўпакоўцы), поту, а на вашых руках - сьлядоў забароненых рэчываў, збройнага масла альбо фарбы, мікрачасьцінак пораху. У любым выпадку, тут шмат што залежыць ад пісьменнасьці адваката.
Інакш выглядае сытуацыя, калі вам спрабуюць падкінуць фальшывыя грошы непасрэдна пры затрыманьні. Напрыклад, пасьля затрыманьня і дастаўкі ў пастарунак вас папрасілі выкласьці на стол усё, што знаходзіцца ў кішэнях. Пры гэтым трэба ўважліва сачыць за тым, як даглядаюцца выкладзеныя вамі грошы - і рублі, і даляры. Вашы праціўнікі могуць паспрабаваць адцягнуць вашую ўвагу, каб незаўважна падкінуць вам фальшывую купюру. Калі вашыя грошы адбіраюць (пры затрыманьні альбо дзеля экспэртызы), то патрабуйце перапісу нумароў і сэрыяў адабраных купюраў. Таксама патрабуйце занясеньня ў пратакол адабраньня словаў, што ўсе адабраныя купюры маюць вадзяныя знакі, у адваротным выпадку празь нейкі час вам могуць паказаць купюру, вырабленую на каляровым ксэраксе, пад нумарам адабранай у вас купюры. Такім чынам вас могуць абвінаваціць у вырабе і распаўсюджваньні фальшывых грошай - для гэтага дастаткова адной вырабленай на ксэраксе купюры, а гэты крымінальны артыкул дастаткова цяжкі. Таму шмат што залежыць ад вашай уважлівасьці і настойлівасьці падчас адабраньня грошай і складаньня пратаколу адабраньня.
Часам практыкуецца і іншы варыянт. «Барацьбіты з злачыннасьцю» упускаюць на падлогу (напрыклад, ля стала, дзе адбываецца дагляд) фальшывую купюру, звычайна гэта 100 даляраў. Натуральная чалавечая рэакцыя - падняць грошы, якія ўпалі, альбо міліцыянты могуць нават папрасіць вас падняць з падлогі гэтую купюру. У выніку пры наяўнасьці на фальшывых грошах вашых адбіткаў пальцаў несправядлівае абвінавачаньне вас у распаўсюджваньні фальшывых грошай значна спрашчаецца. Часам гэткі фокус ажыцьцяўляецца каля абменнага пункту.
Таксама вам могуць падкінуць фальшывую купюру пры пераліку грошай, а пасьля могуць папрасіць вас пералічыць іх самастойна (яшчэ да складаньня пратаколу!). Для таго каб справакаваць вас на ўласнаручны пералік і, адпаведна, на дотык да фальшывай купюры, міліцыянты пасьля пераліку могуць нават назваць большую (альбо меншую) суму грошай - на гэткія хітрыкі ня трэба паддавацца, трэба казаць, што гэты лік не адпавядае рэчаіснасьці, і сказаць, каб міліцыянты самастойна нанава пералічылі грошы. Трэба разумець, што падчас гэтай працэдуры колькасьць грошай ужо ня мае прынцыповага значэньня: міліцыянты ня будуць скажаць яе пры пераліку проста так. Таму пры адабраньні грошай парадак дзеяньняў павінен быць такі:
Буйныя сумы нефальшывых грошай у якасьці правакацыі выкарыстоўваюцца значна радзей (напрыклад, падкідваюць разам з наркотыкамі альбо пры правакаваньні хабару). Гэта зьвязана з тым, што няма забароны грамадзяніну мець пры сабе вялікія грошы (гэта ня ёсьць парушэньнем заканадаўства - вы заўжды можаце адказаць, што пазычылі гэтыя грошы), а для саміх апэратыўнікаў атрыманьне сапраўдных грошай для інсцэнаваньня зьвязанае з пэўнымі адміністрацыйнымі цяжкасьцямі (рэчавыя доказы ў выглядзе вялікіх грошай занадта часта зьнікаюць з матэрыялаў справы). Таму асьцерагацца трэба пераважна абвінавачаньня ў захоўваньні фальшывых грошай.
Натуральна, трэба адмаўляцца ад датычнасьці да тых грошай, якія вам не належаць. Ні ў якім разе ня трэба дакранацца да тых купюраў, якія вам не належаць , каб не пакінуць адбіткаў сваіх пальцаў на фальшывых купюрах. У выпадку калі вы сапраўды мелі пры сабе буйную суму грошай і вас спрабуюць абвінаваціць у тым, што гэтыя грошы фальшывыя, - патрабуйце абавязковага складаньня пратаколу адабраньня з абавязковым пазначэньнем усіх нумароў купюр і адзнакай пра наяўнасьць вадзяных знакаў.
правакацыі з выкарыстаньнем халоднай зброі ня ёсьць распаўсюджанай зьявай, хоць часам гэткі мэтад і выкарыстоўваецца для застрашэньня і наступнай вэрбоўкі апазыцыйных актывістаў (для міліцыянтаў гэта зручна, паколькі дастаць халодную зброю для іх вельмі проста). Таму трэба памятаць, што злачынствам зьяўляецца выраб і продаж халоднай зброі, а захоўваньне і нашэньне халоднай, пнэўматычнай, газавай зброі злачынствам не зьяўляецца. Злачынствам ёсьць таксама нашэньне альбо перавозка халоднай зброі асобай, якая на працягу году прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за гэткае дзеяньне. Так што калі вам падкінулі халодную зброю - ня трэба пужацца: крымінальная адказнасьць вам не пагражае. Асобная парада тым, хто носіць з сабой сьцізорыкі: вы не абавязаныя адрозьніваць якасьці халоднай зброі - для гэтага патрэбныя спэцыяльныя веды, якіх у шараговага чалавека няма (напрыклад, якасьць сталі). Таму калі ў вас знайшлі нож альбо сьцізорык і абвінавачваюць у тым, што гэта быццам бы «халодная зброя» - карысна мець пры сабе даведку, што гэта ня ёсьць халоднай зброяй, а калі даведкі няма - упэўнена патрабаваць правядзеньня экспэртызы прадмета. У любым выпадку, гэта толькі адміністрацыйнае правапарушэньне.
Усё, што мы сказалі пра халодную зброю, пашыраецца на зброю пнэўматычную, газавую і штурхальную (арбалеты).
Найбольш часта міліцыянты (асабліва на ніжэйшым узроўні) выкарыстоўваюць у мэтах правакацыі падкінутыя патроны. Справа ў тым, што падкінуць агнястрэльную зброю досыць цяжка - яе зварот кантралюецца ў органах міліцыі дастаткова строга і яна звычайна мае нумар (паказальна, што Марынічу падкінулі пісталет рэдкай іншаземнай маркі, які выкарыстоўваецца спэцслужбамі і на якім вытраўлены кіслатой нумар). Патроны ж не падлягаюць гэткаму жосткаму кантролю.
Міліцыянты ўпадабалі наступную мэтодыку: падчас вобшуку альбо дагляду на падлозе рассыпаюцца некалькі патронаў і чалавеку кажуць - «падбяры». Такім чынам на патронах аказваюцца адбіткі пальцаў - і гэтага ўжо дастаткова для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Таму, калі вам у кватэру, у офіс, у машыну падкінулі патроны (альбо нават адзін патрон), гранату (часьцей за ўсё з гладкай паверхняй), галоўная парада - ні пры якіх абставінах не дакранайцеся да гэтых прадметаў , нават калі вас аб гэтым просяць міліцыянты. Абавязкова патрабуйце запрашэньня панятых. Ужо ў прысутнасьці панятых:
Для мэтаў правакацыі, каб атрымаць вашыя адбіткі на зброі, вам могуць падкінуць нейкія часткі зброі (ствольную каробку, барабан, рамку). Уважліва сачыце за тым, што вам даюць у рукі міліцыянты падчас вобшуку альбо дагляду. Нават калі вам дэманструюць запакаваны ў поліэтыленавы пакуначак патрон, быццам бы знойдзены пры вас,- не дакранайцеся да яго.
Памятайце! Толькі вашыя адбіткі пальцаў зьяўляюцца для суду асноўным доказам вашай вінаватасьці. Адзначым, што апошнім часам пашырылася практыка, калі ў адміністрацыйна затрыманых няўрадавых актывістаў (распаўсюднікаў друкаваных матэрыялаў, удзельнікаў масавых акцыяў) бяруць адбіткі пальцаў.
Мы не заахвочваем вас да нашэньня зброі - звычайна гэта незаконна і неразумна. У экстраардынарным выпадку (напрыклад, на вас рыхтуецца замах), калі вам трэба мець пры сабе агняпальную (альбо газавую) зброю і няма дазволу на яе нашэньне - абавязкова трымайце пры сабе заяву ад вашага імя на адрас будзь-якога РУУС у той мясцовасьці пра добраахвотную здачу зброі, пажадана з пазначанай сапраўднай датай. Тлумачыць паходжаньне гэтай зброі неабавязкова (вы вызваляецеся ад адказнасьці пры добраахвотнай здачы любой зброі), але можна спаслацца на тое, што вы гэтыя рэчы выпадкова знайшлі. Гэтая дробязь можа вельмі дапамагчы вам у выпадку затрыманьня.
Для некаторых «апэратыўных» супрацоўнікаў і міліцыянтаў ніжэйшага і сярэдняга зьвяна падкінуць чалавеку ў кішэню наркотыкі альбо шпрыц з наркатычным рэчывам - любімы мэтад дзейнасьці. Звычайна гэтая мэтода выкарыстоўваецца на нізавым узроўні «праваахоўнікаў» для барацьбы з наркаманіяй супрацьпраўнымі сродкамі. Такім чынам быццам бы ствараецца падстава для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці (напрыклад, за «гандаль наркотыкамі»), і для недасьведчанага чалавека гэткая пагроза выглядае дастаткова верагоднай. Часьцей за ўсё гэта ёсьць псыхалягічны сродак для шантажу з наступным прыцягненьнем да «супрацоўніцт ва» (г. зн. да «стукацтва»). Для судовага разгляду гэткая правакацыя часьцей за ўсё будзе выглядаць занадта нацягнутай - калі вы дзейнічаеце пісьменна і не нагаворыце супраць сябе лухты. У выпадку, калі наркатычныя рэчывы падкінутыя невінаватай асобе - «даказаць» віну амаль немагчыма, нават шляхам фальсыфікацыі доказаў. Так што збольшага пагрозы ўзбуджэньня крымінальнай справы «за наркотыкі» найчасьцей выкарыстоўваюцца толькі як падстава для затрыманьня чалавека з наступным шантажом пагрозай прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Часам гэткая мэтодыка выкарыстоўваецца супраць актывістаў моладзевых палітычных рухаў. Але вядомыя выпадкі, калі праз падкінутыя ў кішэню наркотыкі і грошы людзі праводзілі за кратамі гады.
Дапусьцім, вы заўважылі, што вам у кішэню міліцыянты падкінулі пакуначак зь невядомым рэчывам. Як трэба сябе весьці ў гэткай сытуацыі? Калі гэта было зроблена яшчэ да вашай дастаўкі ў пастарунак, то можна паспрабаваць па дарозе да мянтоўкі пазбавіцца ад «падарунку». Вядомы выпадак, калі дзяўчына, якой у джынсы падклалі пакуначак з гераінам, пазногцямі прарвала дзірачку ў кішэні, прапхнула пакуначак у штаніну, і пры выхадзе з машыны пакуначак вываліўся. Міліцыянты тры гадзіны шукалі пры ёй падкінутыя наркотыкі, але нічога не знайшлі.
Але пазбавіцца ад падкінутага даволі цяжка. Таму калі вас даставілі ў пастарунак
- не панікуйце і не абурайцеся. Галоўнае - ня трэба лезьці ў кішэню і спрабаваць выкінуць пакуначак. Калі пакуначак ужо патрапіў вам у кішэню і вы ўжо знаходзіцеся ў пастарунку - дайце вашым праціўнікам зрабіць сваю справу. Аднак калі яны затым зробяць спробу зьдзейсьніць агляд вашай вопраткі альбо асабісты дагляд, ветліва, але цьвёрда і настойліва запатрабуйце запрашэньня панятых і выкананьня ўсяго парадку правядзеньня агляду. Таксама можна заявіць, што вы хочаце добраахвотна выдаць наяўныя наркатычныя рэчывы (натуральна, з тлумачэньнем таго, якім чынам яны да вас патрапілі на самай справе) - у гэтым выпадку вы вызваляеце ся ад крымінальнай адказнасьці. Калі вас не папярэдзілі пра магчымасьць добраахвотнай выдачы наркотыкаў - абавязкова адзначце пра гэта пры падпісаньні пратаколу.Калі вы ўжо заўважылі, што вам падкінулі пакуначак зь невядомымі рэчывамі, то пры асабістым даглядзе ня лезьце самі ў кішэню. Няхай асабісты дагляд праводзяць міліцыянты і няхай яны самі дастануць падкінутую рэч. Пры гэтым уважліва сачыце за рукамі міліцыянтаў і прыцягвайце да гэтага ўвагу панятых. Тое самае важна рабіць пры любым асабістым даглядзе, паколькі наркотыкі могуць падкінуць і непасрэдна падчас дагляду - міліцыянту дастаткова заціснуць пакуначак у далоні, калі ён будзе лезьці да вас у кішэню. Таму калі вы ўпэўненыя, што вам не пасьпелі падкінуць анічога - варта дастаць усе рэчы з кішэні самастойна. Апэратыўнікі любяць пры аглядзе сунуць у руку затрыманаму нейкі пакуначак зь нявіннымі словамі «А гэта што такое?». Калі вы ўзялі пакуначак, каб лепей яго разглядзець, то адбіткі вашых пальцаў будуць абавязкова скарыстаныя супраць вас. Будзьце асьцярожныя, калі падчас дагляду альбо вобшуку прысутнічаюць «праваахоўнікі» зь іншых аддзяленьняў, якія, здаецца, нічым не займаюцца, - менавіта яны часьцяком і зьяўляюцца выканаўцамі правакацыі.
Ужо ў прысутнасьці панятых патрабуйце, каб вам састрыглі пазногці, узялі мазок з далоняў і з рота (для наступнай экспэртызы). Усё забранае ў вашай прысутнасьці павінны апячатаць і адправіць на экспэртызу. Памятайце, што праваахоўным органам будзе вельмі цяжка растлумачыць наяўнасьць наркотыкаў у вашай кішэні без пацьвярджэньня наяўнасьці мікрачасьцінак наркотыку пад пазногцямі, на далонях і ў роце.
Калі вам падкінулі не пакуначак, а шпрыц з бурай ці празрыстай вадкасьцю альбо незразумелую рэч, закручаную ў поліэтылен, таксама ні ў якім разе не дакранайцеся да гэтай рэчы рукамі.
пры панятых настойліва кажыце, што ўсё гэта правакацыя, і патрабуйце
зьняцьця адбіткаў пальцаў з шпрыца, пакуначка альбо скрутку. Зьвярніце ўвагу панятых
на тое, што пальчатак у гэты момант на вашых руках няма і што вы ня маеце іх пры
сабе. Заўважце і прадэманструйце адсутнасьць сьлядоў ад уколаў на вашых руках.
патрабуйце аналізу вашай мачы на аміконавую кіслату. Калі вам падкінулі шпрыц з
бурай вадкасьцю - абавязкова патрабуйце аналізу групы крыві ў вас
і ў шпрыцы.
Здараецца, што на шыю вешаюць скрутак, зь якога пазьней пры панятых дастаюць гераін альбо іншы наркотык. Дзеяньні тыя ж - не дакранайцеся да рэчы рукамі, патрабуйце пры панятых узяцьця мазка вашага поту і поту на скрутку, зьняцьця адбіткаў пальцаў. Ізноў-такі, пры панятых адзначце, што ў вас на руках няма сьлядоў ад уколаў.
Патрабуйце, каб усе знойдзеныя прадметы былі зьмешчаныя ў поліэтыленавы пакунак.
Усе пазначаныя патрабаваньні і заўвагі павінны заносіцца ў пратакол асабістага дагляду альбо дагляду рэчаў. Калі міліцыянты ня робяць гэтага, нягледзячы на вашыя патрабаваньні, - адзначце гэта ў пратаколе ўласнаручна.
Гэткія дзеяньні зробяць амаль немагчымым абвінавачаньне вас
у незаконных дзеяньнях з наркатычнымі рэчывамі на ўзроўні, дастатковым для
прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. Таксама і міліцыянты, пабачыўшы, што
вы не разгубіліся, што вы дзейнічаеце настойліва і пісьменна, зразумеюць
немагчымасьць шантажаваньня вас пагрозай прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці
за гэткія дзеяньні.
Ад небясьпекі падкідваньня наркотыкаў ніхто не застрахаваны. Унівэрсальных рэцэптаў процідзеяньня тут няма, паколькі час ад падкідваньня наркотыку да яго выкрыцьця можа займаць ад сутак (пры падкідваньні ў аўтамабіль) да хвілінаў (калі падкідваюць непасрэдна падчас дагляду). Стратэгія дзеяньняў залежыць ад таго, на якой стадыі вы зразумелі, што сталі ахвярай правакацыі. Галоўнае - увага да таго, што адбываецца, і пільнасьць да тых рэчаў, да якіх вы дакранаецеся.