Уступнае слова

Бясьпека як працэс.
Давер і надзейнасьць

  1. АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ
    І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
  2. ВЫКЛІКІ І СЬЛЕДЗТВА
  3. БЯСЬПЕКА ПАМЯШКАНЬНЯ
  4. АБМЕЖАВАНЬНЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАНЬНЕ
  5. ПРАВАКАЦЫІ

МАЛЫ КАНСЬПІРАТАР


Бясьпека як працэс.
Давер і надзейнасьць

Напачатку - трошкі «філязофіі». У побытавым разуменьні бясьпека ўспрымаец ца як стан рэчаў, у якім вам нічога не пагражае. Аднак, каб падысьці да больш эфэктыўных спосабаў грамадзянскай самаабароны, вы мусіце адмовіцца ад падобнага стэрэатыпу. Бясьпека (у кантэксьце нашага апавяданьня) - гэта няспынны працэс спраўджваньня і ўдасканальваньня паводзінаў ды арсэналу сродкаў абароны, з мэтай арганізаваць вашую грамадзка-палітычную дзейнасьць такім чынам, каб варожы ўплыў ня мог істотна панізіць яе выніковасьць. Няма такога захаду, які можна было б зрабіць аднойчы, каб назаўсёды абараніць сябе ці сваю арганізацыю, бо пагрозы мяняюцца бясконца, увесь час.

Гэтая брашура пакліканая стаць адным зь першых крокаў на вашым шляху забесьпячэньня права на ўдзел у жыцьці краіны, які можа доўжыцца ўсё вашае жыцьцё ці, прынамсі, усё жыцьцё, якое вы прысьвяціце палітычнай і грамадзкай актыўнасьці.

Поўная бясьпека, выдаткі на абарону
і выдаткі на атаку

Варта адразу зразумець: стоадсоткавых гарантыяў бясьпекі вам ня дасьць ніхто і нішто (нават страхавы поліс), імавернасьць атакі існуе заўсёды. Ваш шлях - паводзіць сябе такім чынам і карыстацца такімі сродкамі бясьпекі, каб выніковасьць падобнай атакі была ніжэйшая за тыя выдаткі, якіх запатрабуе яе арганізацыя. Гэта дасягальная мэта, нават пры тым аграмадным дысбалянсе сілаў і рэсурсаў, які існуе паміж намі і спэцслужбамі рэжыму. Для гэтага вы мусіце ў першую чаргу абапірацца на тыя якасьці, якія звычайна мае сумленны актывіст і якіх звычайна ня мае служка (найміт) дыктатуры, - гэта ўменьне працаваць бяз грошай і без рэсурсаў, працаваць па-за працоўным часам, сяброўства і бескарысьлівая ўзаемадапамога, маральныя прынцыпы, якія дапамогуць вам захаваць трываласьць у складаным становішчы.

Важна ацэньваць таксама суадносіны паміж выдаткамі на бясьпеку і непасрэднай дзейнасьцю. Калі бясьпека пачынае захінаць тыя задачы, дзеля якіх вы сталі актывістам, - значыць, нешта трэба рэфармаваць.

Асвоіўшы новыя больш эфэктыўныя мэтады працы - пашырайце іх, гэта павялічыць нагрузку на рэпрэсіўна-шпігоўскі апарат і аслабіць ціск на вас.

Бясьпека і параноя

Часам - асабліва па абедзе ў яснае надвор'е - прыходзіць думка: «Навошта мне

гэтая бясьпека? Я маленькі, нікому не цікавы чалавек, а ўсюдыіснасьць спэслужбаў падаецца відавочнай прыдумкай». Часам некаторыя людзі, бачачы вашыя працэдуры абароны, пачынаюць круціць пальцам ля галавы - маўляў, во вар'ят! На гэта можна адказаць шырока пашыранай - у вузкім коле - прымаўкай: калі ў вас няма маніі перасьледу, гэта яшчэ ня значыць, што за вамі ня сочаць..

Людзі, якія воляю лёсу прайшлі савецкае войска, маглі засвоіць някепскае выслоўе: лепш перапільнавацца, чым недапільнавацца. Магчыма, вашыя захады празьмерныя, але ў кожным разе лепш выглядаць параноікам, чым быць раздалбаем. пагатоў гэта верна, калі ад вас залежыць бясьпека іншых людзей.

Бясьпека, давер, надзейнасьць

Можна сьцьвярджаць, што бясьпека вельмі моцна залежыць ад таго, як вы распараджаецеся сваім даверам і што (каго) вы лічыце надзейным .

Абодва гэтыя паняткі ўжывальныя ня толькі да людзей, але й да тэхналёгіяў абсталяваньня, крыніцаў інфармацыі і г. д. Трэба ясна разьмяжоўваць кола даверу (аб'екты, вартыя даверу) і астатні сьвет, каб правільна будаваць дачыненьні (разьмярко ўваць абавязкі, атрымліваць і перадаваць інфармацыю, піць альбо ня піць разам піва і г. д.). Важна ня блытаць давер і прэзумпцыю невінаватасьці. Часам можна пачуць: «Як мы можам праявіць недавер да гэтага чалавека, мы ж нічога кепскага пра яго ня ведаем!» Гэта няправільны падыход: віна - усталёўваецца на падставе неабвержных фактаў, давер можна (і трэба) будаваць на інтуіцыі, уражаньнях і жыцьцёвым досьведзе. Кожны новы чалавек на вашым шляху - невінаваты, пакуль не даказана адваротнае, і кожны ня варты даверу, пакуль не даказана адваротнае.

Давер можа быць непасрэдны - X давярае Y - альбо ўскосны, перададзены: «X давярае Y, які ў сваю чаргу рэкамэндаваў яму Z». Такім чынам, могуць утварацца даволі вялікія сеткі даверу з асабіста незнаёмых асобаў (аднак чым большы памер сеткі, тым большая магчымасьць праколу праз памылковы давер).

Надзейнасьць - стаіць блізка да даверу, але ўсё ж гэты тэрмін мы звычайна ўжываем да аб'ектаў, правераных тым ці іншым чынам альбо прынамсі збольшага правераных, бо абсалютная ўпэўненасьць часта немагчымая. У адрозьненьне ад даверу, надзейнасьць ёсьць катэгорыя аб'ектыўная - яе ацэнка будуецца (павінная будавацца) не на інтуітыўных прадчуваньнях, а на фактах.

Яшчэ раз зазначым, што і давер, і надзейнасьць - крытэры ацэнкі, ужывальныя практычна да ўсяго, з чым вы сутыкаецеся. Ці вы плянуеце разьмеркаваць абавязкі ў межах арганізацыі, ці вы зьбіраеце абсталяваньне для офісу, вызначце - магчыма, пісьмова - кола даверу і надзейныя (ненадзейныя) элемэнты і, ужо грунтуючыся на гэтых высновах, дзейнічайце далей.