Чаму сымболіка гэта важна
Нам падабаецца гэтая акрылённая Свабода, якую мы носім на нашых значах і нашыўках (а ўлетку будзем насіць і на майках :-) ). Але калі забыцца на задавальненьне ад далучанасьці да асаблівай супольнасьці добрых людзей, наколькі гэта важна?
Проста значок, проста носім... Чым змагацца, хіба значком... ТАК! І значком таксама. Давайце пачнем здаля: паспрабуем разабрацца ў кірунках нашага дзеяньня.
Праўда грамадзянскага супраціву палягае ў тым, што мы вядзем барацьбу за мазгі значнай часткі нашых суайчыньнікаў. Гэта ня значыць, што мы хочам, каб яны сталі такімі ж як мы - гэта немагчыма, і нават, па вялікім рахунку, ня варта спадзявацца, што яны пачнуць неяк актыўна нас падтрымліваць. Але для таго, каб рэжым аслабеў дашчэнту, нам трэба каб бальшыня проста выйшла з пад ягонай улады, перастала ўспрымаць як аўтарытэт і маўкліва (у сваім заўсёдным стылі) сабатавала нязручныя загады.
Па-сутнасьці, "маўклівая бальшыня" не зьяўляецца прыхільнай да дыктатуры, нават наадварот (інакш уладам не даводзілася б фальшаваць выбары), але яна дыктатуры падпарадкоўваецца. Соль пытаньня ў тым, што з прычынаў, якія, магчыма тлумачацца гістарычным лёсам нашае Бацькаўшчыны, грамадзтва ў значнай ступені складаецца зь людзей, якія дзеля сваіх псыхафізычных асаблівасьцяў ня схільныя імкнуцца да зьменаў, ня кажучы ўжо пра тое, каб за іх змагацца. Бальшыня з нас ужо чула расчараваны выгук: "Ім нічога ня трэба!" Гэта не зусім правільная ацэнка, такія людзі, натуральна, не пазбаўленыя патрэбаў, але імкненьне да самазахаваньня, якое працінае іх істоту да глыбіняў падсьвядомага, зьяўляецца галоўным арыентырам. З гэтага вынікае нежаданьне быць "апазыцыяй", увогуле быць за тых, хто выглядае на дадзены момант слабейшым, асабліва, калі з-за гэтага - які жах - можна быць затрыманым міліцыяй. Застаецца толькі знайсьці "падпорку для сумленьня" - пэўнае абгрунтаваньне сваёй ляяльнасьці да ўладаў. І яно падаецца на талерачцы з тэлеэкранаў.
Адсюль вынікаюць два шляхі нашай барацьбы - несьці праўду (адбіраць згаданыя "падпоркі для сумленьня) і дэманстраваць нашую СІЛУ. Бо нас - бяз усялякіх нацяжак - шмат, і мы насычаныя энэргіяй, якая вынікае з нашых шчырых памкненьняў да свабоды, што рэзка адрозьнівае нас як ад пасіўнай масы, гэтак і ад служак рэжыму, якія зацікаўленыя матэрыяльнымі дабротамі.
З данясеньнем праўды усё больш-менш зразумела - улёткі, газэты, кніжкі, мультымэдыя, а што з дэманстрацыяй? Масавыя акцыі незаўсёды бываюць дастаткова масавымі, а флэш-мобы незаўжды бываюць дастаткова заўважнымі. Выйсьце - у няўхільным паказваньні (візуалізацыі) сваіх перакананьняў. Калі вока звычайнага "паспалітага" чалавека па дзясятку разоў на дзень упіраецца ў "Свабоду", ягонае імкненьне да самазахаваньня пачынае з глыбіні паварочваць ягоныя ўяўленьні пра сільных і слабых. Так што: насіце значкі - паўсюль. Упрыгожце сваё працоўнае месца налепкай. Павесьце акрылённую Свабоду ў якасьці "шпалераў" на экране.
Будзьце свабодным - і людзі да вас пацягнуцца.
Камэнтары і заўвагіУвага: не пішыце сюды замовы на атрыбутыку і дыскі, калі вы хочаце замовіць значкі ці нашыўкі - вам сюды, калі дыскі - сюды. |








