У офісе БНФ паказалі фільм пра праваабаронцу Яну Палякову
Учора, 7 сакавіка, у гадавіну сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, у Менскім офісе БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма “Забойства напярэдадні вясны”, які зьняла рэжысэр Вольга Мікалайчык.
Цягам 24 хвілін гледачы фільма жылі ў часе, блізкім да трагічных падзей 7 сакавіка 2009 году, у тым ліку бачылі Яну Палякову жывой і чулі яе голас. З экрану праваабаронца распавядала відэаапэратару пра тое, як яе зьбілі ў міліцыі падчас допыту ўлетку 2009 году:
“Паехалі ў міліцыю, падняліся на другі паверх. “Сядайце”. Я прысела на крэсла. Кажуць: “Вось, падпішыце”. Кажу, што я мушу ведаць, што я падпісваю. Толькі я працягнула руку да гэтых папер, каб паглядзець, што я падпісваю, як мне па руцэ ўдарылі. Паднялася, каб выйсьці, мяне ўдарылі па нагах. Але найбольш дагэтуль баліць рука. І пры гэтым мне адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супроць тых, хто мяне зьбіваў”.
Яне Паляковай ня толькі адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы на міліцыянтаў, якія яе зьбілі, але і завялі справу на яе саму паводле абвінавачаньня ў навядзеньні паклёпу на міліцыянта. Праз чатыры дні пасьля суду, які асудзіў Яну Палякову на 2,5 гады “хіміі”, праваабаронца павесілася ў сваёй кватэры.
Радыё Свабода
Камэнтары і заўвагіУвага: не пішыце сюды замовы на атрыбутыку і дыскі, калі вы хочаце замовіць значкі ці нашыўкі - вам сюды, калі дыскі - сюды. |








